ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936.
Выяўляліся ў форме забастовак, дэманстрацый, мітынгаў, накіраваных супраць наступу прадпрымальнікаў на правы рабочых; састаўная частка барацьбы за стварэнне адзінага рабочага і антыфаш. нар. фронту. Адбыліся пад кіраўніцтвам міжпарт. к-та, створанага з мясц. арг-цый КПЗБ, ППС і Бунда. У лютым адбыліся стачкі гарбароў, швейнікаў, харчавікоў; у сакавіку — рабочых фанернай ф-кі, металічнага, шклянога, лесапільнага і кафельнага з-даў. 17 сак. рабочыя ўсіх прадпрыемстваў Гродна падтрымалі агульнапольскую забастоўку; стачкі пратэсту прайшлі ў адказ на расправу паліцыі над рабочымі Кракава, Чанстахова і Львова. Першамайская дэманстрацыя (больш за 4 тыс. чал.) і мітынг (больш за 8 тыс. чал.) прайшлі пад лозунгамі антыфаш. нар. барацьбы супраць вайны і фаш. тэрору, у абарону СССР, за ліквідацыю канцлагера ў Бярозе-Картузскай.
І.І.Коўкель.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)